Авторизация

Главная > Новости и события

Новости и события

29.12.2020

Выставачны праект “Другое нараджэнне. Рэканструкцыя яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў 20–30-х гг. ХХ ст.”

 

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь 28 снежня 2020 года  адкрылі выставачны праект “Другое нараджэнне. Рэканструкцыя яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў 20–30-х гг. ХХ ст.”. Праект падрыхтаваны ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры, сумесна з Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.

 

31 жніўня 1923 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны музей (БДМ). Праз год на яго пляцоўцы пачаў працу новы, унікальны Яўрэйскі аддзел. Праца яго была нядоўгай, але паспяховай і фактычна завяршылася пасля сканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Далей – ужо гісторыя…

 

У 2019 г. у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь быў перададзены шэраг прадметаў невызначанага паходжання. Дзякуючы ўліковым нумарам, якія на іх захаваліся, атрымалася вызначыць, што прадметы паходзяць з даваеннага збору Беларускага дзяржаўнага музея. Сярод перададзенага – дваццаць два прадметы мелі адносіны да яўрэйскай культуры.

 

У гэты ж час, з Ізраільскага музея (г. Іерусалім) прыйшло паведамленне, што ў іх зборы знаходзіцца музейны прадмет “Кабалістычны амулет”, на якім нанесены нумар і штамп БДМ. Бясспрэчна тое, што гэты прадмет паходзіў са збора Беларускага дзяржаўнага музея. Гэта падзея дала штуршок для наступных пошукаў, дзякуючы якім знайшліся дзесяць музейных прадметаў з нумарамі і штампамі БДМ.

 

Яўрэйскую калекцыю Беларускага дзяржаўнага музея арганічна дапаўняюць унікальныя архіўныя дакументы з Нацыянальнага  архіва Рэспублікі Беларусь, якія ўпершыню прадстаўлены на выстаўцы. Сярод іх – вынікі агляду музея наведвальнікамі, перапіска музея з яўрэйскай абшчынай мястэчка Узляны, лісты ў розныя дзяржаўныя ўстановы аб перспектывах развіцця яўрэайскага аддзела і іншыя.

 

З вынікам гэтай “дэтэктыўнай” гісторыі можна будзе пазнаёміцца на выставачным праекце “Другое нараджэнне. Рэканструкцыя яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў 20–30-х г. ХХ ст.”. Наведвальнікі пабачаць рэдкую для Беларусі калекцыю тасаў (шчыткі для скруткаў Торы) ХІХ ст., ханукальную свяцільню ХVIII ст., унікальны арон ха-кадэш (сінагагальны каўчэг) ХVIII ст. з Узлянскай сінагогі, карціны вядомага беларуска-яўрэйскага мастака-жывапісца Юдаля Пэна, графіку Янкеля Кругера, унутранныя дакументы БДМ 20–30-х гг. і яшчэ шмат цікавага.

 

Інфармацыя заг. аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А. Старасценка

Подписка/Рассылка

Отказаться от подписки
220114, г. Минск,
пр-т Независимости, 116
Читальный зал: тел. (017) 351-05-12
Приемная: тел/факс (017) 272-67-78
Отдел использования документов и информации: тел. (017) 272-29-52
narb@narb.by